Аўтары і аўтаркі анталёгіі "Мальцы выходзяць з-пад кантролю"

На пачатак

П. Асака Адам Міцкевіч Тамаш Зан Юлі Таўбін Адам Глёбус Вячаслаў Бортнік Альгерд Бахарэвіч Зьміцер Александровіч Уладзіслаў Гарбацкі (рэдактар) Вольга Касьцюк Янко з Мазовіі Юры Гумянюк Шандар Яна Крэмень Артур Камароўскі Мікіта Ільінчык

Тамаш Зан

Беларуска-польскі паэт (1796–1855), удзельнік вызвольнага руху, палітычны дзяяч, дасьледнік прыроды. Адзін з стваральнікаў таварыства філяматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазьней у таварыства філярэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасьць за адзін з найгалоўнейшых разьдзелаў свае паэтычнае праграмы. Быў жанаты, меў чатырох дзяцей. Дагэтуль замоўчваецца ягоная "сардэчная повязь" у студэнцкія гады (1815-1816) зь іншым філярэтам Леанардам Ходзькам, беларуска-польскім гісторыкам і публіцыстам. У анталёгіі публікуецца адзін зь лістоў Т. Зана да Л. Ходзькі.


Адам Міцкевіч

Беларуска-польскі паэт (1798—1855), палітычны публіцыст і дзяяч нацыянальна-вызвольнага польскага руху, сябра Таварыства філяматаў. Вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі: драмай “Дзяды” і паэтычнай эпапэяй “Пан Тадэвуш” —апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы “Конрад Валенрод” і “Гражына”. За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасьць А. Міцкевіч правёў у высылцы ў цэнтральнай Расеі пяць гадоў, пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1829 годзе і пражыў рэшту свайго жыцьця ў выгнаньні, першапачаткова ў Рыме, потым — у Парыжы, дзе стаў прафэсарам славянскай літаратуры ў “Калеж дэ Франс”. У анталёгіі публікуецца ўрыўвак “Трэба было б асобна стварыць пол для сяброў, як гэта ёсьць для каханьня” зь лісту Яну Чачоту.

Пётра Мятла

Пётар ці Пётра Мятла (1890-1936) — падзабыты і вядомы хутчэй як грамадзкі дзяяч, палітык і пасол польскага сойму. Быў пісьменьнікам, друкаваў апавяданьні й фэльетоны ў левай прэсе Вільні 1920-ых гадоў пад псэўданімамі П. Асака, П. Чабор. Падрыхтаваў зборнік апавяданьняў, які ня быў надрукаваны. Ён захоўваецца ў Летувіскай акадэмічнай бібліятэцы Ўрублеўскіх у Вільні. П. Мятла не атрымаў прызнаньня як пісьменьнік, з друкаванымі кнігамі і ўзнагародамі. Уключэньне ягонага тэксту "Дзіўное вясельле" ў нашу анталёгію — гэта своеасаблівая пісьменьніцкая рэабілітацыя. П. Мятла — цікавы голас, які сто год таму назад разварушыў грамаду сваімі нечаканымі тэкстамі. Арыштоўваўся палякамі, пазьней — саветамі. Загінуў у лягеры на будаўніцтве Беламорска-балтыйскага каналу.

Пра твор:

Адам Глёбус

Беларускі пісьменьнік (нар. 1958), мастак, выдавец, удзельнік таварыства “Тутэйшыя” (1986–1990). У друку выступае зь вершамі з 1981 году. Аўтар звыш дваццаці кніг прозы і паэзіі. У анталёгіі публікуюцца два апавяданьні: Гомік”, якое зьявілася ў зборніку “Дамавікамерон”, і “Рэктар” было апублікавана ў часопісе Forum Lambda (2001).

Вячаслаў Бортнік

Беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзеяч (нар. 1974), праваабаронца, публіцыст. Кіраўнік Беларускай філіі Amnesty International (2002—2006), Сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (20162019).  Выступае ў беларускіх СМІ, у тым ліку з заявамі і камэнтарамі ў падтрымку правоў ЛГБТК+. Аўтар артыкулаў, замалёвак.

Альгерд Бахарэвіч

Пісьменьнік і перакладнік (нар. 1975). Пісаць пачаў яшчэ школьнікам. Першыя тэксты апублікаваў у 1993 годзе. Творчасьць пэрыяду 1990-х гадоў збольшага адлюстраваная ў бумбамлітаўскім зборніку “Тазік беларускі” (1995). З 1993 па 2000 год быў вакалістам і аўтарам тэкстаў панк-гурта “Правакацыя”. Адзін з найбольш перакладаных на замежныя мовы сучасны беларускі літаратар. У анталёгіі публікуецца фрагмэнт з раману “Мае дзевяностыя” (2018).

Зьміцер Александровіч

Аўтар беларускага паходжаньня, цяпер жыве ў Расеі. У анталёгіі публікуюцца (усе упершыню) пяць апавяданьняў.

Уладзіслаў Гарбацкі

Пісьменьнік, перакладнік і навуковец (нар. 1978). Спэцыялізуецца ў галіне гендарных і ЛГБТК+ дасьледаваньняў, адзін зь першых у Беларусі дась­леднікаў і публіцыстаў на тэмы, зьвязаныя з жыцьцём і гісторыяй ЛГБТК-супольнасьці. Сяб­ра рэдакцыйнай калегіі выдавецтва “Скарына” (Лёндан). Аўтар шэрагу дасьледаваньняў па фэмінізацыі беларускай мовы і ўкладальнік кнігі твораў Палуты Бадуновай. Аўтар двух зборнікаў прозы: “Песьні тралейбусных рагуляў” (2016) і “Mercks Graz!” (2022). Укладальнік анталёгіі бе­ла­рускага гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” (2023).

Вольга Касьцюк

Літаратарка (нар. 1980). Скончыла філялягічны факультэт БДУ (расейская мова і літаратура), два курсы Маі Кучэрскай у Creative Writing School (Расея), удзельнічала ў воркшопе Кэры Раян (WLAG) і лябараторыі фэм-пісьма “Расьцяжэньне”. Цяпер зьяўляецца студэнткай Беларускага калегіюму. Аўтарка апавяданьняў, якія друкаваліся ў  зборніку “Растяжение”, у газэце “Новы час”, у фэм- і квір-часопісе “FEMINIST ORGY MAFIA”, “Tint Journal” (Austria), “PEPPER Magazine” (USA), у анлайн-выданьні “ROAR (Russian Oppositional Arts Review)”, у другім выпуску літаратурнага зіну “Где-то” (Расея), у зіне “ЭББ 2. Что мы наделали?”, у часопісах “Иные берега” (Фінляндыя), “Дактиль” (Казахстан), “Незнание” (Расея). Жыве ў Новай Зэляндыі.

Янко з Мазовіі

Польскі літаратар (нар. 1979), сымпатык бела­рус­кай мовы.

Юлі Таўбін

Паэт, перакладнік (1911–1937). Сапраўднае імя — Юдаль Таўбін. Прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920–1930 гг. Сябра аршанскай філіі “Маладняка” і Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Уваходзіў у нефармальнае літаратурнае аб’яднаньне ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Аўтар чатырох прыжыцьцёвых зборнікаў паэзіі. 29 кастрычніка 1937 году выяздная сэсія ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР прыгаварыла Юлія Таўбіна да сьмяротнага пакараньня. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў ліку дваццаці шасьці літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД.

Юры Гумянюк

Паэт, празаік, паляніст (1969–2013). Сябра Тава­рыст­ва вольных літаратараў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг паэзіі: “Водар цела” (1992), “Твар Тутанхамона” (1994), “Рытуал” (1999), “Вуліца тыгровых архідэяў. Вершы 1987–2003” (2003) і раману “Апосталы нірваны” (“Калосьсе”, № 2–3, 1995).

Шандар

Паэт. Нарадзіўся ў 1972 г. у Дэбрэцэне (Вугоршчына) у зьмяшанай беларуска-вугорскай сям’і. Завочна скончыў гістарычны факультэт Віленскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Друкуецца з 1989 году. У анталёгіі публікуецца нізка вершаў, якія зьявіліся ў часопісе Forum Lambda (1998).

Яна Крэмень

Біялягіца ўдзень, паэтка ўначы. Вучаніца Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў i Беларускiм ПЭН-цэнтры. Удзельніца паэтычных чытаньняў і адкрытых мік­рафонаў Менску.

Артур Камароўскі

Паэт і пэрформэр. Нарадзіўся ў 1991 г. Ляўрэат прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (2021) за дэбютную кнігу вершаў “Вада пачынае жыць”. Рэдактар паэтычнага інтэрнэт-часопісу "Taubin". У анталёгіі публікуецца нізка вершаў "Ён", якая ўпершыню зьявілася ў зборніку "Corpus Vile" (2023).

Мікіта Ільінчык

Тэатральны рэжысэр і драматург (нар. 1995). У 2020 годзе скончыў рэжысэрскі факультэт Расейскага ін­с­ты­туту тэатральнага мастацтва (ГІТІС), тамса­ма вучыўся на тэатразнаўчым. У 2021 годзе дэ­бю­таваў як рэжысэр і драматург з спэктаклем “Доб­разычліўкі” паводле раману Дж. Літэла ў маскоўскім Тэатры на Малой Броннай. У 2021 годзе ён стаў ляўрэатам драматычнай прэміі “Аў­ро­ра” гораду Быдгашч за тэкст “Dark Room”. У 2022 годзе дэбютаваў у Польшчы ў якасьці рэ­жы­сэра і драматурга з спэктаклем “F***ing in Brussels” у Польскім тэатры ў Быдгашчы. Як драматург працаваў з рэжысэрам Войцэхам Фаругам над спэктаклем “María de Buenos Aires” у Вялікім опэрным тэатры Варшавы (2023).