Аўтар(к)ам

Выдавецтва “Скарына” знаходзіцца ў Вялікабрытаніі — далёка ад Беларусі і большасьці краінаў, дзе нашыя суродзічы цяпер жывуць у значнай колькасьці. Таму мы робім і распаўсюджваем кнігі крыху інакш. Гэта можа выдатна пасаваць адным аўтарам, і зусім не — іншым.

Як мы працуем з аўтар(к)амі

Нам цікавая перадусім навуковая, навукова-папулярная, мастацкая літаратура і паэзія. Нам асабліва цікава ўсё, што мае дачыненьне да стваральнай дзейнасьці беларускай эміграцыі.

Мы возьмемся за тыя кнігі, у якія ў нас будзе вера і на якія ў нас ёсьць сілы. Ёсьць багата цудоўных твораў, якія па-за абшарам нашай экспэртызы. Напрыклад, дзіцячыя кніжкі. Іншыя выдавецтвы ў такіх выпадках зробяць лепшую за нас працу.

"Скарына" не публікуе кніг на замову, але мы ведаем, хто дапаможа з гэтым.

Беларускі кніжны рынак параўнальна маленькі, таму многія кнігі мусяць мець прынамсі частковае фінансаваньне. Наш падыход (друк на запыт) дазваляе значна зьменшыць папярэднія выдаткі, але застаецца кошт перакладу, літаратурнага рэдагаваньня, праца мастакоў і пад. Разам з вамі мы знойдзем аптымальны варыянт.

Мы, канешне ж, дасылаем дармовыя аўтарскія асобнікі і можам прапанаваць аўтарам неабмежаваную колькасьць асобнікаў па сабекошце.

Калі вы думаеце, што мы — правільнае для вас выдавецтва, то напішыце нам (кантакты ўнізе старонкі).

Як мы распаўсюджваем

Дзе набыць

Нашыя кнігі лёгка набыць і атрымаць па пошце, але паштовыя выдаткі могуць быць не па кішэні многім суродзічам. Таму мы ладзім прэзэнтацыі і вечарыны, і  амаль усе кнігі таксама выходзяць у электронным фармаце

Калі для вас прынцыпова, каб кніга была ў кнігарнях у Беларусі або шырока прадстаўленая ў Польшчы, іншыя выдавецтвы зробяць гэтую працу лепш за нас.

Прамоцыя выдадзеных кніг — важная частка таго, чым займаецца выдавецтва. Для гэтага ў нас ёсьць сацыяльныя сеткі і неабыякавыя рэдактары-кі.