Мінскі дзённік 2020-2021
Юля Цімафеева

Набыць у інтэрнэт-кнігарні. Электронная кніга: Google Play Books, Apple Books, Kobo

ISBN 978-1-915601-23-0,
eISBN 978-1-915601-24-7
128 с.

“Мінскі дзённік”, ад пачатку створаны па-ангельску, апісвае падзеі ў Мінску напярэдадні, падчас і пасля выбараў 2020-га года. Гэта сведчанне ад першай асобы, у якім інтымная штодзённасць адной пісьменніцкай сям’і знітоўваецца з калектыўным досведам пратэсту. Прыватны дакумент эпохі, агучаны эмацыйным голасам аўтаркі, вяртае чытача ў вір жыцця паўсталага гораду, у дні трывогі, салідарнасці і балючай надзеі.

“Мінскі дзённік” з’явіўся на шведскай, нямецкай, нідэрландскай і літоўскай, у скарочаным выглядзе выйшаў па-ангельску і па-нарвежску.

Юля Цімафеева — паэтка і перакладчыца. З канца 2020 года жыве за межамі Беларусі. Аўтарка чатырох беларускамоўных зборнікаў паэзіі, апошні з іх — “Воўчыя ягады” (2022), а таксама англамоўнага дзённіка паўсядзённага жыцця ў пратэсным Мінску. Яе творы перакладаліся на многія мовы, друкаваліся ў часопісах і анталогіях, асобнымі кнігамі выходзілі ў Польшчы, Германіі, Швецыі, Нідэрландах і ЗША.

Урыўкі на сайце REFORM.by

У прэсе

Паэтка Юля Цімафеева — пра тое, як гэта: гаварыць на чужой мове пра сваё, беларускае (Новы час)

Книга про протести у Білорусі набуває популярності (ZahidFront)



Замест прадмовы
(урывак)

Сёння ў Швейцарыі адзначаюць нацыянальнае свята, у горадзе запланаваны традыцыйны феерверк. Грымець пачало яшчэ ўчора, але на сапраўдны светлашумавы перформанс мы выбіраемся познім вечарам, пасля дзесяці, за колькі хвілін да пачатку. 

Пакуль я нацягваю джынсы і кеды, мы абмяркоўваем футбольны матч: жаночая зборная Ангельшчыны разграміла Кітай. Ты выходзіш як ёсць: у шортах і басаножках. Дождж ліў цэлы дзень, але нядаўна скончыўся. І не дзіва, што звонку духменіць жнівень – вось яго самы пачатак. У добрым настроі мы спускаемся са сваёй гары уніз да возера.   

І раптам чуецца выбух, за ім яшчэ. Пры зачыненых вокнах кватэры гукі петардаў здаваліся не такімі рэзкімі, але... Але яны выводзяць мяне з сябе і кідаюць назад у прасторы і часе: гэткім жа жнівеньскім вечарам мы вяртаемся праз двары Масюкоўшчыны з выбарчага ўчастка, удалечыні ўзрываюцца гранаты, ногі ў кедах набіраюць хуткасць, садка пахне сухое лісце, невядомасць і страх, цемра і Мінск акружаюць нас. 

На жаль, глядачкі швейцарскіх феерверкаў з мяне не атрымалася. Аказваецца, я цяпер ненавіджу феерверкі, аказваецца, для мяне гэта гукі светлашумавых гранат, аказваецца, маё цела ўсё яшчэ памятае. Афіцыйны феерверк у Цугу цягнуўся хвілін пятнаццаць, але над нашай спальняй пад самым дахам былога кляштарнага будынка бухкала і тухкала яшчэ з гадзіну. Жахлівую гадзіну, калі мне падавалася, што побач з табой я слухаю выбухі ля Стэлы на нашай маленькай мінскай кухні. І што самае страшнае, мне не хацелася, каб гэта відзежа знікала...

***

Я скончыла беларускі пераклад “Мінскага дзённіка” тут, у швейцарскім Цугу, больш чым праз два гады пасля яго напісання. 

“Дзённік” пачаўся з эсэ пра беларускія пратэсты для Financial Times і перарос у асобную кнігу, якую я пісала цягам кастрычніка 2020-га – сакавіка 2021-га года ў Мінску і пазней у аўстрыйскім Грацы. Ад пачатку ён ствараўся па-ангельску і для замежнай аўдыторыі. Чужая мова дала мне магчымасць стварыць неабходную эмацыйную дыстанцыю, каб зафіксаваць важнае, страшнае, балючае і пакуль няспраўджанае, і, безумоўна, зрабіла прасцейшым яго пераклад на іншыя мовы. “Мінскі дзённік” з’явіўся на шведскай, нямецкай, нідэрландскай і літоўскай, у скарочаным выглядзе выйшаў па-ангельску і па-нарвежску.

Але ўсё ж мне хочацца верыць, што ён застанецца дакументам эпохі і для беларусаў. Эпохі, якая, з аднаго боку, ужо скончылася, але, з другога, працягвае нас трымаць сталёвай хваткай.

1 жніўня 2023
Цуг, Швейцарыя