Непрамо(ў)ленае
Анатоль Івашчанка

ISBN 978-1-915601-34-6
99 стар., мяккая вокладка

У новай паэтычнай кнізе Анатоля Івашчанкі сабраныя вершы, што ствараліся цягам апошніх дзесяці гадоў. Тры разьдзелы аб’ядноўвае вера ў тое, што нават пасярод вусьцішнае цёмнае моўчы Мова стаецца тым ахоўным абярэгам, сьцягам і шляхам, што выводзіць да сьвятла. Адрасуецца ўсім, каму не ўсё роўна.

* * *

Алесь Дуброўскі:
Я люблю карціны, дзе намаляваны пяціпавярховыя хрушчоўкі. Я думаў, што гэта дзіўна любіць, а потым убачыў групы ў сацсетках, дзе гэтым хрушчоўкам ставяць тысячы падабаек. Усё пытанне ў тым, як перанесці ў мастацтва нашу пяціпавярховую рэальнасць ці наш час. “Час раскідваць бутэлькі і час іх зьбіраць па дварах” – так яго характарызуе Анатоль Івашчанка, і трансфармацыя біблейскай цытаты здаецца абсалютна арганічнай. Можа, калі ў паэта ёсць слых і калі паэт умее “транскрыбіраваць” мову гэтага пяціпавярховага часу, то словы складуцца “ў слушны радок”? Можа, ёсць сэнс дазволіць гэтаму часу прагучаць? “Кожная падабайка для паэта – бальзамам на сэрцайка”. Чаму б не паставіць падабайку хрушчоўкам, як у свой час яе, умоўна кажучы, паставіў Чэхаў “Вёсцы” Левітана? Там вёска – тут горад, “горад замазаных сьцен”, “бязмоўны прыдушаны горад”. Вось тут і сакрэт мастацтва – пачуць бязмоўнае і падзяліцца з ім сваім голасам.

Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Менску. Скончыў філфак БДУ (беларускае аддзяленьне) і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалогіі.

Ад 2003 года і да высяленьня арганізацыі з Дома літара- тара працаваў у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў (кіраўнік спраў). Выкладаў беларускую мову ў БНТУ (2006–2012). Ад 2004 года – супрацоўнік часопіса «Дзеяслоў».

«Непрамо(ў)ленае» – яго трэцяя паэтычная кніга. Перад ёю былі «Вершnick» і «Хай так».

Аўтар манаграфіі «Паэтыка Алеся Разанава: між меды- тацыяй і рацыяй».

Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтра імя Натальлі Арсеньневай (2003), лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2005), пераможца літаратурнага конкурсу імя Аляксандра Ўласава «Экслібрыс» у галіне нон-фікшн (2014), лаўрэат літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за кнігу прозы «Анаталогія» (2015).

Вершы перакладаліся на ангельскую, баўгарскую, грузінскую, летувіскую, нямецкую, польскую, расійскую, французскую, а таксама ўсходне-эльфійскую мовы.

Жыве.