Рэспубліка глухіх
Ілля Камінскі • Пераклад Юлі Цімафеевай і Вальжыны Морт

2023, 79 стар.
ISBN 978-1-915601-21-6
e-ISBN 978-1-915601-22-3

Калі ў 2019 годзе выйшла "Рэспубліка глухіх" (Deaf Republic), яна імгненна заваявала сэрцы шматлікага чытацтва і штурмам узяла рэйтынгі і шматлікія ўзнагароды па ўсім свеце. У той год яе залічылі ў спісы кніг году The Washington Post, New York Times Book Review, Times Literary Supplement, Financial Times, The Guardian, Irish Times, Амерыканская бібліятэчная асацыяцыя і інш. А BBC залічыла І. Камінскага ў лік "12 артыстаў, якія змянілі сьвет" у тым годзе.

Набыць у інтэрнэт-кнігарні.

Набыць электронную кнігу:
Apple Books
Google Play Books
Kobo.

Дзеянне “Рэспублікі глухіх” разгортваецца ў перыяд палітычнай смуты на адной акупаванай тэрыторыі. Хаця месца і час дакладна не вызначаны, здаецца, што ў тых жудасных падзеях мы пазнаём сваю эпоху і сваю краіну. 

Ашаламляльная вершаваная прыпавесць, якая па форме нагадвае драматычны твор, адкрываецца сцэнай забойства акупантамі глухога хлопчыка Пеці. Стрэл, які падштурхоўвае жыхароў да пратэсту, — апошні пачуты імі гук. Горад глухне, і ў гэтай цішы мова жэстаў робіцца мовай іх маўклівага супраціву. 

Кніга расказвае гісторыі прыватнага жыцця гараджан ва ўмовах публічнага гвалту: пары маладажонаў, Соні і Альфонса, якія чакаюць дзіця; адважнай Мамулі Галі, якая распачынае бунт у сваім лялечным тэатры; Галіных лялечніц, што ўдзень таемна вучаць жыхароў мове жэстаў, а ўначы завабліваюць салдат па адным і забіваюць за тэатральнай заслонай. 

Адначасова гісторыя кахання, элегія і палітычны памфлет, “Рэспубліка глухіх” гучыць як перасцярога і ставіць пад пытанне наша калектыўнае маўчанне перад абліччам жорсткасці і гвалту. 

Глухія не вераць у цішыню. Цішыню прыдумалі тыя, хто чуе”.

Ілля Камінскі нарадзіўся ў Адэсе, цяпер амерыканскі грамадзянін. Ён выдаў усяго два паэтычных зборнікі (“Dancing in Odessa” і "Deaf Republic") , але яго часта называюць адным з найбольш важных пісьменнікаў свайго пакалення.  У ЗША І. Камінскі таксама вядомы сваёй актыўнай працай на карысьць перакладу замежнай літаратуры. Ён доўгі час быў рэдактарам паэзіі ў Words Without Borders і Poetry International, а таксама рэдагаваў некалькі анталогій сусветнай паэзіі. Ён заснаваў і рэдагаваў кніжную серыю «Паэты свету», у якой публікуюцца зборнікі паэзіі з усяго свету. Яго творы перакладзены больш як на дваццаць моваў.

Урывак зь інтэрв'ю

Юля Цімафеева — беларуская паэтка і перакладчыца. Аўтарка некалькіх кніг паэзіі і дакументальнай кнігі “Мінскі дзённік”. Перакладае паэзію і прозу з англійскай і іншых моў. Уладальніца прэміі Карласа Шэрмана (2021) за пераклад выбранай паэзіі Стывена Крэйна.

Вальжына Морт — беларуская паэтка, нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, піша па-беларуску і па-англійску. Аўтарка некалькіх кніг паэзіі, кніг перакладу, рэдактарка паэтычных анталогій. Апошняя кніга паэзіі — “Песні для мёртвых і ўваскрэслых” — атрымала International Griffin Poetry Prize, UNT Rilke Prize, а таксама Kaser Prize за нямецкае выданне. Уладальніца стыпендый Guggenheim, American Academy in Rome, Lannan Foundation, National Endowment for the Arts, Amy Clampitt Foundation, а таксама Civitella Ranieri Foundation.

Водгукі

Алесь Дуброўскі, Калізія мовы (Taubin)

Шмат хто адзначаў, што «Рэспубліка глухіх» – на мяжы паэзіі і драматургіі, гэта «гісторыя кахання, элегія і палітычны памфлет», як гаворыцца ў анатацыі, з ілюстрацыямі вакол (сканструяванай) мовы жэстаў. Але гэтая кніга – яшчэ і паэтычнае сведчанне, вынайдзены аўтарам спосаб гаварыць пра вайну і акупацыю, рэпрэсіі і гвалт. У беларускай прасторы часам гаворыцца пра немату як адну з праяваў жыцця ў дыктатуры. Кніга ж выбудаваная вакол канцэпту глухаты – глухаты (не)наўмыснай як спосабу калі не супрацьстаяць гвалту, дык прынамсі зменшыць узаемадзеянне з ім. Кніга чытаецца па-беларуску магічна, за што вялікі дзякуй перакладчыцам. Выкшталцоныя і дакладныя паэтычныя формулы Іллі Камінскага вельмі натуральна гучаць у перакладзе.
Ганна Янкута, аўтарка і перакладчыца.