Зьмест анталёгіі "Мальцы выходзяць з-пад кантролю"

На пачатак

Разьдзел прозы пачынаецца лістамі Тамаша Зана і Адама Міцкевіча. Іх мы перакладалі з польскай. Потым — артыкул віленчука Пётры Мятлы “Дзіўное вясельле”, які зьяўвіўся ў 1928 г. За ім - два апавяданні Адама Глёбуса, “Гомік” і “Рэктар”, якія публікаваліся на мяжы XX-XXI стагодзьдзяў — ужо клясыка. Іх працягваюць мініятуры Вячаслава Бортніка — аднаго зь першых беларускіх ЛГБТ-актывістаў, які цяпер жыве ў ЗША. Мініятуры публікуюцца ўпершыню, іх мы пераклалі з расейскай. У Альгерда Бахарэвіча ў кнізе “Мае дзевяностыя” мы знайшлі дзьве старонкі — Пра блатных, “блакітных” і пустыя бутэлькі, — якія абмінуць ніяк не маглі. Потым — пяць тэкстаў Зьмітра Александровіча, большасьць зь якіх яшчэ не публікаваліся. Некаторыя мы пераклалі з расейскай, адзін тэкст (“Лявоніха Нагіла”) быў напісаны па-беларуску, а яшчэ адзін (“Письмо в «Советскую Белоруссию»”) мы вырашылі пакінуць у анталёгіі па-расейску. Уладзіславу Гарбацкаму належыць першая кніга гей-прозы па-беларуску. Зь яе мы выбралі два апавяданьні для анталёгіі — “Першы раз” і “Зьбіцьцё”. А паміж імі — апавяданьне “Адорна”, якое раней не публікавалася. Вольга Касьцюк жыве ў Новай Зэляндыі. Ёй належыць апавяданьне “Калі мы курылі «Парламент»”. Таксама публікуецца ўпершыню. Як і апавяданьне “Кіпарыс” Янкі з Мазовіі.

Разьдзел паэзіі прадстаўлены параўнальна нядаўняй клясыкай — вершамі Юлія Таўбіна (1929 г.), Юрыя Гумянюка і Шандара (1990-я). Іх працягвае нядаўні твор Яны Крэмень і нізка вершаў “Ён” Артура Камароўскага зь ягонага зборніка “Corpus Vile”, што выйшаў у нашым выдавецтве сёлета.

А ў разьдзеле драматургіі — дзьве п’есы Мікіты Ільінчыка, “Dark Room” і “Fucking in Bruxelles”, якімі ён скарыў тэатральных крытыкаў Польшчы, дзе цяпер жыве. Іх мы таксама пераклалі з расейскай.

Тэксты публікуюцца абодвума правапісамі — па жаданьні аўтараў і перакладнікаў.