Вечарына ў Батумі
22 лютага 2023

Рэпартаж Радыё "Рацыя"

Чытаць і слухаць на сайце Радыё "Рацыя"

22 лютага 2023 году ў грузінскім Батумі ў многафункцыянальнай беларускай прасторы „аКсяродак” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі выдавецтва «Скарына» з Лондана.

Выдавецтва створанае ў 2022 годзе пры ўдзеле Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, яго з’яўленню пасадзейнічала актывізацыя беларускага жыцця і ў Брытаніі. Пра працу выдавецтва і вададзеныя вадавецтвам кнігі ў Батумі распавядаў яго кіраўнік Ігар Іваноў: 

– Час зусім кароткі – 7 ці 8 месяцаў як мы існуем. І ўжо мы выдалі 5 кніг, каляндар і яшчэ дзве паэтычныя кнігі выходзяць на наступным тыдні. Я сам крыху здзіўлены як часта нам атрымліваецца выдаваць. Я вельмі ўдзячны аўтарам. А перадусім удзячны чытачам, якія хочуць чытаць беларускія кнігі.

Спадар Іваноў падзяліўся таксама сакрэтам распаўсюду кніжак ад выдавецтва «Скарына» : 

– Чакалі, што большасць нашых продажаў будзе праз інтэрнэт, што мы зможам рассылаць поштай. Але потым аказалася, што Брытанія сёння па-за Еўразвязам, і таму вельмі цяжка высылаць кнігі і дорага ў Еўразвяз, таму мы стварылі свой пункт распаўсюду ў Вільні, адкуль мы высылаем кнігі для Еўразвяза. Але ўсё ж такі з перасылкай нашыя кнігі атрымліваюцца вельмі дарагімі для беларусаў. І таму мы вырашылі, што трэба ехаць у беларускія супольнасці з нашымі кнігамі. Гэта таксама апраўдвае і тлумачыць тую ролю нашага выдавецтва – што кнігі збіраюць супольнасць.

Беларусаў Батумі, якіх на сустрэчу завітала амаль два дзясяткі, таксама цікавіла жыццё беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі, і Ігар Іваноў з задавальненнем распавёў пра апошнія 70 год працы і жыцця беларусаў у Лондане.

Запрашаем на вечарыну выдавецтва “Скарына” ў многафункцыянальнай беларускай прасторы аКсяродак (Метакса, 4) 22 лютага а 20-й гадз.

Ігар Іваноў стваральнік выдавецтва "Скарына" распавядзе пра даўнюю традыцыю беларускага кнігадруку ў Брытаніі, пра 75 гадоў непарыўнай гісторыі нашых суродзічаў на Імглістым Альбіёне, якія стварылі ўнікальныя асяродкі і трывалыя праекты; а таксама пакажа рэдкія выданні старой беларускай эміграцыі.

Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, пісьменнік і перакладнік з Вільні - далучыцца да сустрэчы, каб паказытаць нас сваімі знаходкамі для слоўніка традыцыйнай нецэнзурнай лексікі. Так-так – гаворка будзе пра традыцыйную беларускую (і іншую) лаянку. Яна і багатая, і вясёлая, бо беларусы не столькі мацюкаліся, колькі брахаліся ды клялі. Дык калі ўжо брахацца, то – па-беларуску! Рыхтуймася да інтэрактыву: вас чакаюць словатворчыя гульні, сацыялінгвістычныя апытанкі і шмат смеху. А заадно мы спытаем У. Гарбацкага пра бягухаў, аўтарак і прэзідэнтак, бо ў свой час ён стварыў (і выдаў разам з І. Івановым) першую па-сапраўднаму папулярную кнігу пра аўтэнтычныя для беларускай мовы фемінітывы, якія ўжо не здзіўляюць нас так, як дзесяць гадоў таму.

На вечарыне можна будзе набыць кнігі выдавецтва “Скарына”, у тым ліку "Бэйруцкія апавяданьні" Агатангела Крымскага, намінаваныя на прэмію за лепшы пераклад украінскай літаратуры на мовы свету. А таксама раман “Падзея” Ані Эрно – пакуль што адзіны пераклад твору нядаўняй нобелеўскай лаўрэаткі на беларускую мову.